Ня верыў я ніколі ў міражы, У новы рай ня складваў чамадана. Настаўнікаў пажэрла мора лжы І выплюнула дзесь ля Магадана. Між невукаў і я, у рэшце рэшт, Калі і выдзяляўся - вельмі мала. Ні стрэмкі не пакінуў Будапешт І Прага сэрца мне не разарвала. А мы ў жыцьці шумелі і на сцэне: Мы блытанікі шчэ, мы хлапчукі! Ды хутка нас заўважаць і ацэняць! Гэй! Супраць хто? Намнём яму бакі! Але мы адчувалі небясьпеку Задоўга, як пачнуцца халады. Прыходзіла прасьветленасьць аднекуль І душы замыкала на гады. І нас хаця расстрэлы не касілі, Жылі мы - дзе праз сорам, дзе праз боль. І ў нас, дзяцей той жудаснай Расеі, Ўлівала ліхалецьце алькаголь.
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999