Шлях ці труна? Ізгой ці небыцьцё? Так, выбар небагаты перад намі. Даруюць нам маруднае жыцьцё. Мы зь ім скаваны моцна кайданамі. А нехта ўсё ж і выбраў наўздагад Зь бязглуздай верай, як зачараваны. Але ж ці то жыцьцё - што ў ланцугах? Хіба ж то выбар - калі ты скаваны? Каварная спагада нам такая, Як зельле ведзьмы ці як міражы. Сьмерць ад сваіх выглядвае з-за камня. І ззаду - сьмерць, але ўжо ад чужых. Здраньцьвела цела, ссохлася душа, І мы маўчым, як падстаўныя пешкі. А ў лабавым шкле бачна не шаша, А ганьбы выскал і крывыя ўсьмешкі. Калі б аковы тыя разарваць, То й горла перагрызьці не замнога Таму, хто здагадаўся прыкаваць Нас ланцугамі да жыцьця такога. Няўжо мы спадзяемся шчэ на штосьці? Ці, можа, нам ланцуг не па зубах? Чаму ж у браму раю аж да млосьці Мы стукаем па кованых скабах? Канчаць вайну?! - Якое адкрыцьцё! Але ж цану якую закруцілі! Нам прапануюць доўгае жыцьцё Ў віне, брыдоце, здрадзе, ганьбе, гнілі. Ці ж вартае жыцьцё такой цаны? Дарозе не канец яшчэ - спакойна! Паўзбоч тае - Вялікае - вайны Яшчэ магчыма паміраць прыстойна! І рана зьмешваць нас з балотнай тваньню! Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём! Мы не памром пакутным існаваньнем! Мы лепш надзейнай сьмерцю ажывём!
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999