Рвуся з скуры, з усіх сухажылін, Каб праскочыць, пасьпець да пары! Аблажылі мяне! Аблажылі! Гоняць весела на нумары! Там з-за елак шчабечуць двухстволкі. Паляўнічы хаваецца ў цень. Там ваўкі сьнегам коўзкім паўзь ёлкі Скачуць, быццам жывая мішэнь... Там паляваньне на ваўкоў! Там паляваньне! Ату драпежнікаў, старых і шчанюкоў! Крычаць загоншчыкі, шалеюць псы з браханьня! На сьнезе кроў і плямы яркія флажкоў... Не на роўных гуляюць з ваўкамі Лесьнікі, ды рука не дрыжыць. Абцягнуўшы нам волю флажкамі, Б’юць надзейна! А хочацца жыць! Воўк ня можа парушыць традыцый, Бо ў дзяцінстве сьляпым шчанюкі- Ваўчаняты, мы ссалі ваўчыцу І ўсмакталі: ня лезь за флажкі! Там паляваньне на ваўкоў! Там паляваньне! Ату драпежнікаў, старых і шчанюкоў! Крычаць загоншчыкі, шалеюць псы з браханьня! На сьнезе кроў і плямы яркія флажкоў... Ногі хуткія, моцныя скулы! Дык чаму ж мы, зь якой мы тугі Зацкавана імчымся пад кулі, Не спрабуючы праз ланцугі? Воўк ня можа супроць выхаваньня! Вось канчаецца час мой ужо! Той, якому я ахвяраваны, Усьміхнуўся, узьняўшы ружжо... Там паляваньне на ваўкоў! Там паляваньне! Ату драпежнікаў, старых і шчанюкоў! Крычаць загоншчыкі, шалеюць псы з браханьня! На сьнезе кроў і плямы яркія флажкоў... Досыць мне паслухмянасьці! - Ходу За флажкі! Прага волі мацней! Толькі ззаду я чуў з асалодай Крыкі зьдзіўленых мною людзей. Рвуся з скуры, з усіх сухажылін!.. Не! Мы сёньня ня тыя ваўкі! Аблажылі мяне! Аблажылі!.. Ды ні з чым засталіся стралкі! Там паляваньне на ваўкоў! Там паляваньне! Ату драпежнікаў, старых і шчанюкоў! Крычаць загоншчыкі, шалеюць псы з браханьня! На сьнезе кроў і плямы яркія флажкоў...
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999