Прайшла пара прэлюдый, хутка будзе Ўсё добра - зможам жыць без гузакоў! Вялікія мяне ўжо клічуць людзі, Каб сьпеў я «Паляваньне на ваўкоў». Ці з вокнаў запіс слухаў, як «чуў звон», Ці можа, - юшкі зь дзецьмі тут ня зварыш, - Бог вед, але набыў магнітафон Якісь высокаўсаджаны таварыш. Бяз гальштука ў расшпіленай кашулі, Зь сям'ёю разам, без дурных спакус, Ён ціха, каб суседзі не пачулі, Узяў ды і націснуў кнопку «пуск». І там, не разабраўшы нейкіх слоў, Бо кепскі дубль дасталі на рабоце, Пачуў ён «Паляваньне на ваўкоў» І што-нішто яшчэ на адвароце. Усё праслухаўшы без хваляваньня І злы з таго, што не расчуў канец, Ён трубку зьняў - і: «Творцу «Паляваньня» Прыслаць з гітарай заўтра да мяне!» І вось, глытнуўшы кіслага вінца, Каб адчуваць сябе ня так скавана, З парогу - ад пачатку да канца - Я пракрычаў яму пра паляваньне. Яго прасілі дзеці мо чульліва, Каб ён усьмешкай твар свой расквяціў, - І слухаў ён мяне добразычліва І нават пляснуў два разы ў канцы. Бутэлькай па фужэры пазьвінеў, Што з кніжнай шафы выцягнуў закрытай, І выпаліў: «Ды гэта ж пра мяне! Пра нас усіх! Якія ўжо ваўкі там!» Ну вось, цяпер, мяркую, нешта будзе... Чацьвёрты год за дзень па пяць званкоў! Вялікія мяне ўсё клічуць людзі, Каб сьпеў я «Паляваньне на ваўкоў».
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999