Золак быццам лязом паласнуў па вачах. Ляскатнулі куркі, уздымаючы жах. І, адкуль ні вазьміся, узьніклі стралкі, І ўзьляцелі стракозы з пратухлай ракі, І пацеха пайшла - ў дзьве рукі! Ў дзьве рукі! Леглі мы на жывот, небаракі-ваўкі. Нават той, нават той, хто ныраў пад флажкі, Чуў ваўчыныя ямы падушкамі лап, Той, каго нават куля дагнаць не магла, Узапрэлы ад жаху, прылёг і аслаб. Я ня чуў, каб жыцьцё дагаджала ваўкам. Марна любім яго, адналюбы. Вось у сьмерці прыгожы, шырокі выскал І здаровыя белыя зубы! Дык хай дзівіцца вораг на воўчы наш сьмех - Мы сабакам шчэ каркі намылім!.. Але кроўю вытатуірованы сьнег Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы! Мы паўзьлі, як сабакі, стуліўшы хвасты. Жах зьдзіўленьня ў вачах, небу ўзьнятых, застыў: Ці то нас пакараньне спасьцігла зь нябёс? Ці то сьвету канец? Ці ў мазгах перакос? Толькі білі ўналёт нас з жалезных стракоз! Кроўю вымаклі мы на сьвінцовым дажджы І скарыліся, бо ўсё адно не ўцячы! Жыватамі гарачымі плавілі сьнег... Распачаў тую бойню - ня Бог! - чалавек! Хто ляціць - тым у лёт! Хто бяжыць - тым у бег! Зграя псоў, не вяжыся! Ваш брэх, як ныцьцё! - Мы на роўных ня ўпусьцім удачы! Мы, ваўкі, любім воўчае наша жыцьцё! Вы ж сабакі й канец ваш сабачы! Усьміхаюся ворагу, - воўчы мой сьмех Вас і тут не пакіне сухімі! Але кроўю вытатуірованы сьнег З нашым росьпісам: больш не ваўкі мы! Лес, ваўкі! - Хоць каго з вас я там зьберагу! Гайда ў лес! - Бо цяжэй жа забіць на бягу! Уцякайце! Ратуйце сваіх шчанюкоў!.. Я бягу на вачах напаўп’яных стралкоў І склікаю аблудныя душы ваўкоў. Хто жывы, затаіўся на беразе тым. Што магу я адзін - тут, на полі пустым? Вочы дрэнна глядзяць! Нос ня чуе здалёк! Дзе ваўкі? Дзе былое лясное зьвяр’ё? Дзе ж ты там, жаўтавокае племя маё? А наўкола зьвяры шнараць досьвіткам дня З тых, што воўчых ня ведаюць клічаў. То сабакі, - шчэ ж нейкая наша радня! Мы раней іх лічылі здабычай! І я кідаю ворагу воўчы свой сьмех Аскаболкамі іклаў гнілымі. Але кроўю вытатуірованы сьнег Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы!..
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999