Ён ня ўдаўся ні званьнем, ні ростам. Не за славай, не ў багацьце На свой незвычайны манер Крочыў ён па жыцьці над памостам Па канаце, па канаце, Нацягнутым, як нерв. Паглядзіце! Вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл - упадзе! прападзе! Ледзь лявей - паратунку і там не знайсьці! Але, мабыць, яму вельмі ж трэба прайсьці Чатыры з гэтакіх чварцін! Прамяні яго з кроку зьбівалі І калолі, быццам лаўры... Труба разраўлася, як дзьве!.. Крыкі «брава!» яго аглушалі. А літаўры, а літаўры - Што молатам па галаве! Паглядзіце - вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл - упадзе! прападзе! Ледзь лявей - паратунку і там не знайсьці! Ды цяпер яму ўжо засталося прайсьці Тры чвэрці шляху па жыцьці! Ах, як страшна, як сьмела, як міла!.. Бой са сьмерцю!.. Тры мінуты!.. Задраўшы ў чаканьні насы, З крэслаў залы глядзелі тужліва Ліліпуты, ліліпуты - Здавалася хлопцу з высі. Паглядзіце - вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл - упадзе! прападзе! Ледзь лявей - паратунку і там не знайсьці! Толькі ж - гляньце! - яму застаецца прайсьці Дзьве чвэрці шляху па жыцьці! Ён сьмяяўся над славаю тленнай, Ды хацеў быць толькі першым - Такога спрабуй утабань! Ён па дроце ішоў над арэнай, Як па нэрвах, і па нэрвах Дробатам біў барабан! Паглядзіце - вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь управа нахіл - упадзе! прападзе! Ледзь улева - ратунку і там не знайсьці! Ды замрыце! - яму застаецца прайсьці Адну чвэрць шляху па жыцьці! Закрычаў дрэсіроўшчык, пантэры Клалі лапы на насілкі... Суровы прысуд - дзе ўзяць слоў!.. Быў ён зь верай ці, можа, бязь веры, Ды ў апілкі, у апілкі Праліў ён і прыкрасьць, і кроў!.. Але сёньня другі без страхоўкі ідзе. Тонкі шнур пад нагой - упадзе! прападзе! Правы, левы нахіл - і душы не знайсьці! Ды чамусьці яму надта ж трэба прайсьці Чатыры з гэтакіх чварцін!
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999