Што за дом такі, курны, як барак, На сямі ліхіх прадзімных вятрах? Скрушна вокнамі абярнуўся ў яр, А варотамі - на лясны гушчар. Ох, стаміўся я, жах! Але коней распрог. Гэй, жывы хто-ніхто! Падыйдзі, памажы! Цішыня... Толькі цень мільгануў за парог, Ды сьцярвятнік спусьціўся, бліжэй закружыў. Ў дом заходзіш, як у шынок дымны, А народ-басяк з позіркам дурным. Натаўкуць каўтун - госьць няпрошаны! Абразы ў кутку скасабочаны! І гамонка пайшла, бы загуў авадзень. Нехта песьню стагнаў і гітару шматаў. І прыпадачны злыдзень, дурны ліхадзей Мне цішком з-пад абруса нажом памахаў... Хто адкажа мне, што за дом хмурны? І чаму ў імгле, як барак чумны? Ці ліхтар патух, ветрам выдзьмуўся? Ці то жыці тут развучыліся? Дзьверы насьцеж, а душы - як хто ўмураваў! Дзе тут хто гаспадар? Напаіў бы віном! А ў адказ мне: «Ты дзе доўга так вандраваў, Што людзей пазабыў? Мы заўжды так жывём! Траўкай душымся, век на шчавелі... Скісьлі душамі, апрышчавелі... Ды яшчэ віном пацяшаліся, Спусташалі дом, кралі, драліся!..» Коней я замарыў - ад ваўкоў уцякаў! Пакажыце мне хату, дзе сьветла ад лямп, Пакажыце мне месца, якое шукаў, Дзе пяюць, а ня стогнуць, дзе сьцены бяз плям! «Гэткіх дзіўных хат не шукалі мы, Жыць у прыцемках прывыкалі мы. І спрадвеку мы ў зле без роздуму Пад іконамі, што ў куродыме...» І з смуроду, дзе коса іконы вісяць, Я, на злом галавы, гнаў праз муць-каламуць, Куды коні нясуць, куды вочы глядзяць, І дзе людзі жывуць, і як людзі жывуць! Колькі канула, колькі схлынула!.. Мяне кідала, не дакінула... Можа, спеў пра вас ды няўмела я? Очи чёрные, скатерть белая!..
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999