Шчырая Праўда ў прыгожых адзеньнях хадзіла, Выбраўшы строі для ўбогіх, блажэнных калек. Праўду грубая Хлусьня да сябе заманіла: Хочаш, маўляў, заставайся ў мяне на начлег. І легкаверная Праўда спакойна заснула, Сьліну пусьціла і ціха ўсьміхалася ў снах. Коўдру грубая Хлусьня да сябе пацягнула, Ўпілася ў Праўду і была здаволена - страх! І паднялася, скрывіўшы свой выскал сабачы: Баба як баба! І што ў ёй такога глядзець? Розьніцы ў Праўды з Хлусьнёю ніякай ня ўбачыш, Толькі, канешне, калі іх абедзьвюх разьдзець. Выплела спрытна з касы залацістыя стужкі, Склала адзежу, прызнаўшы прыгодным фасон, Грошы зьмяла, дакументы, гадзіньнік з падушкі, Плюнула, брудна аблаяла й вылезла вон. Толькі сьвітанкам заўважыла Праўда прапажу, Дзіву далася, агледзеўшы ўдосталь сябе: Хтосьці аднекуль прынёс ужо чорную сажу, Вымазаў чыстую Праўду - нашкодзіў і зьбег. Праўда крычала, калі ў яе камні кідалі: «Гэта Хлусьня цяпер носіць уборы мае!..» Двое блажэнных калек пратаколы складалі, Бруднымі словамі гонар кранаўшы яе.         І пратаколы закончылі прыкрай тырадай, Шчодра пабіўшы, што ледзьве падняцца змагла: Нейкая поскудзь, маўляў, называецца Праўдай, Ну а сама прапілася, брыда, дагала! Праўда бажылася, сьлёзна клялася, рыдала, Доўга блукала, хварэла і жыла ў даўгах... Злая Хлусьня дзесь каня чыстакроўнага ўкрала І паскакала на доўгіх і тонкіх нагах...         Нейкі дзівак і дагэтуль за Праўду ваюе. Праўда, ў прамовах тых праўды - зусім ані-ні: «Праўда яшчэ перамогу сваю адсьвяткуе, Толькі зрабіўшы па прыкладзе бруднай Хлусьні!..» Часта - нальлеш па сто семдзесят грамаў на брата, Потым гадаеш: дзе быў, у якіх такіх снах? Могуць разьдзець - гэта праўда! Лаві супастата! Бач, а гадзіньнік твой носіць падлюка Хлусьня! Бач - у штанах тваіх ходзіць падлюка Хлусьня! Бач - на кані тваім скача падлюка Хлусьня!
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999