Пры жыцці я быў рослым і смелым, Не баяўся ні слова, ні кулі, І ў звычайныя рамкі не лез. З тых часоў, як лічуся памерлым, Зашчамілі мяне і прыгнулі, Ў п’едэстале загруз ахілес. Не абтрэсці гранітнага мяса І не выцягнуць мне з пастаменту Ахілесаву тую пяту. І жалезныя рэбры каркаса Змацаваныя мёртва цэментам - Толькі сутаргі праз немату. Я хваліўся плячыма па сажню - Наце змерце! Я не ведаў, што гэта не важна Пасля смерці. І мяне ўсё ж уціснулі ў рамкі - Змялі, ўбілі. Торс надзейныя жорсткія лямкі Паспавілі. І з мяне, калі ўзяў ды памёр я, Пасмяротную маску здымалі Дальнабачныя члены сям’і. І, паколькі ляжаў я пакорна, З гіпсу ўшчэнт паздзіралі, счасалі Злепкі скул азіяцкіх маіх. Я й не сніў, што вось гэтак паверне. Не лічыў я, што мне пагражала Апынуцца мярцвейшым за ўсіх. Ды ільснілася маскі паверхня І магільнай самотай праймала Ад вачніц бездакорна пустых. Пры жыцці я не ўкладваў пачвары Ў пашчу палец. Ад мяне, хто йшоў з меркай звычайнай, Адступалі. Ды, здымаючы маску па смерці, Тут жа ў ваннай, І трунар падыйшоў ужо з меркай Палатнянай. А затым, па мінуласці году, Як бы сімвал майго выпраўлення І нібыта дарунак віны, Пры агромністым зборы народу Пад бадзёрае стужак хрыпенне Адкрывалі мой помнік чыны. Цішыню нада мной раскалола І з дынамікаў хлынулі гукі. З дахаў біў прамянёвы квартэт. Надарваны адчаем мой голас Прагрэсіўныя сродкі навукі Пераклалі ў прыемны фальцэт. Я маўчаў, пад накідкай схаваны, - Ўсе там будзем! Тым жа часам вішчаў, як злягчаны, Ў вушы людзям. Саван скінулі - вось я, пахілы, - Наце змерце! Ну няўжо ж я патрэбен такі вам Пасля смерці?! Камандора крок гнеўны і гулкі... І я вырашыў скрочыць са звонам, Брукаванкай, як ён, пагрымець. І натоўп адхіснуўся ў завулкі, Калі вырваў нагу я са стогнам, Камяні паляцелі з мяне. Нахіліўся я, голы, пачварны, І ў падзенні вылузваўся з скуры, - Дацягнуўся жалеззем крывым!.. І тады, калі грымнуўся тварам, З тых дынамікаў рваных, панурых Прахрыпеў я, здаецца: жывы!..                
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 2016