Паміж сьвечак аплылых і пацер на сны, Між ваенных трафеяў, пры мірных кастрох Без змаганьня мы, кніжныя дзеці, расьлі І марнелі ад дробных сваіх катастроф. Век і быт табе прыкры - Ты біцца гатоў Да сьмяротнае крыўды І да гузакоў. Ды апратку матулі Зацыроўвалі ў час, А нас кнігі гарнулі, Апойвалі нас. Ліплі нам валасы на ўспацелыя лбы, І пад лыжачкай штось казытала ад фраз, І закружваў галовы нам пах барацьбы, Што зьлятаў з пажаўцелых старонак на нас. Тыя словы на лад мы тлумачылі свой, Хоць і поклічам вояў здаваўся нам вой - Сэнс загадаў, атак І мяжы праясьніць Спрабавалі пад ляск Баявых калясьніц. А ў кіпучых катлах міжусобіц былых Для маленькіх мазгоў шмат таілася страў - У нас вораг у гульнях, пазычаных з кніг, Баязьліўца, іуду і здрадніка граў. Мы заўжды даганялі Нягодніка ўгрунь, І кахаць абяцалі Чароўных красунь. І да бліжніх зь любоўю, На радасьць сябрам Кожны ў ролі героя Ўяўляў сябе сам. Толькі ў крозы свае назаўжды не ўцячэш, Век забавы кароткі ў час болю й прынук. Трэба мёртвым расьціснуць далоні найперш І прыняць зброю зь іхных зьнясіленых рук. Паспытай, калі меч Шчэ астыў не зусім, Што ў жыцьці насамрэч Да чаго і па чым, Запытай: ці герой я, Ці проста слабак, І адчуй, што такое На смак барацьба. І калі побач сябар загіне ад ран, Прыйдзе першая страта, скуголь не скуголь - Застанесься бяз скуры няўзнак, бо абраў Лёс ахвярай сваёй не цябе, а яго. І нарэшце патрапіш Тады зразумець: Пад забраламі храпы І ёсьць тая сьмерць. У падману і ліха Твар поўны брыды, А за сьпінаю іхнай - Крукі і клады. Як бацькоўскім мячом змог ты шлях прасячы, І салёныя сьлёзы на вус наматаў, У гарачым баі паспытаў, што па чым - Значыць, слушныя кнігі ў дзяцінстве чытаў. Калі мяса зь ляза Ты на смак не спазнаў, І з адлегласьці за Калатнёй назіраў, Пазьбягаў барацьбы З халуём свалачным - Ты ў жыцьці, значыць, быў Ні пры чым, ні пры чым.
© Макс Шчур. Пераклад, 2020
© Макс Шчур. Выкананне, 2020