Шлях ці труна? Ізгой ці небыццё?
Так, выбар небагаты перад намі.
Нам прапануюць марнае жыццё.
Мы з ім скаваны моцна кайданамі.
І нехта ж выбірае наўздагад
З бязглуздай верай, як зачараваны.
Але ж хіба жыццё - што ў ланцугах?
Які ж той выбар - калі ты скаваны?
Зламысная спагада нам такая,
Як зелле ведзьмы ці як міражы.
Смерць ад сваіх хаваецца за камень.
І ззаду - смерць, але ўжо ад чужых.
Здранцвела цела, згвалцілі душу,
І мы маўчым, як падстаўныя пешкі.
Ды ў лабавым шкле бачым не шашу,
А ганьбы выскал і крывыя ўсмешкі.
Калі б аковы тыя разарваць,
То й горла перагрызці не замнога
Таму, хто здагадаўся прыкаваць
Нас ланцугамі да жыцця такога.
Няўжо мы спадзяемся шчэ на штосьці?
Ці, можа, не па сілах нам ланцуг?
Чаму ж у браму раю аж да млосці
Мы грукаем, пакуль не зойме дух?
Канчаць вайну?! - Якое адкрыццё!
Але ж цану якую закруцілі!
Нам прапануюць доўгае жыццё
Ў віне, брыдоце, здрадзе, ганьбе, гнілі.
Ці ж вартае жыццё такой цаны?
Дарозе не канец яшчэ - спакойна!
Паўзбоч тае - Вялікае - вайны
Яшчэ магчыма паміраць прыстойна!
І рана нас раўняць з балотнай тванню!
Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём!
Мы не памром пакутным існаваннем!
Мы лепш надзейнай смерцю ажывём!
|