Прапалі ты мне лазню па-беламу -
Я ад белага свету адвык!
Ашалею - і мне, ашалеламу,
Коўш халоднай развяжа язык.
Прапалі, гаспадынька, ты лазню мне!
Распяку я сябе, распалю.
На палку - разамлелы, паблажлівы, -
Я сумненні свае затулю.
Задымлю, як вясною праталіна.
Коўш халоднай - і ўсё адымчыць.
І наколка часоў культу Сталіна
Засінее на левым плячы.
Прапалі ты мне лазню па-беламу -
Я ад белага свету адвык.
Ашалею - і мне, ашалеламу,
Хваля пары развяжа язык.
Колькі веры і лесу павалена!
Колькі пройдзена гора і трас!
А на левым плячы - профіль Сталіна,
А на правым - Марынка анфас.
Эх, за веру маю безаглядную
Колькі год я ў "раі" перавёў!
Прамяняў на жыццё непрагляднае
Несусветнае глупства сваё!
Прапалі ты мне лазню па-беламу -
Я ад белага свету адвык.
Ашалею - і мне, ашалеламу,
Хваля пары развяжа язык.
Не забыць мне, як ранкам цудоўненькім
Лёс няўдалы мой скручваўся ў вір.
Як мяне два асілкі-ахоўнікі
Дастаўлялі з Сібіры ў Сібір.
А затым у бараку пад кроквамі,
Наглытаўшыся слёз і сырца,
Каля сэрцаў калолі мы профілі,
Каб ён слухаў, як сэрцы трымцяць.
Не палі ты мне лазню па-беламу -
Я ад белага свету адвык.
Ашалею - і мне, ашалеламу,
Хваля пары развяжа язык.
Мерзну я, успамінамі змучаны,
Венік думкі змяшаў-паламаў.
І з туману халоднай мінуўшчыны
Выплываю ў гарачы туман.
Зацурчэлі мне думкі пад цемечкам:
Што ж, дарма я плячо ім змарыў?
І лупцую бярозавым венічкам
Я па спадчыне змрочнай пары.
Прапалі ты мне лазню па-беламу -
Я ад белага свету адвык!
Ашалею - і мне, ашалеламу,
Коўш халоднай развяжа язык.
|