Наўзрыд смяюся - ходарам каршэнь!
Мяне, напэўна, хвацка разыгралі:
Крукі насоў і выскал да вушэй,
Як на венецыянскім карнавале!
Шчыльнее кола! Скачуць сотні пар!
Мяне хапаюць, цягнуць - віску, ляску!
Так-так, здаецца, мой нармальны твар
Чамусьці палічылі ўсе за маску.
Петарды, канфеці!.. Ды ўсё не так!
І маскі на мяне глядзяць з дакорам.
Крычаць, што зноў я павярнуў не ў такт,
Што ногі я адтоптваю партнёрам!
Што мне рабіць тут - выслізнуць вугром?
Ці весяліцца з тварам таямнічым?
Магчыма, што пад маскамі звяроў
Бываюць чалавечыя абліччы.
У масках, парыках - ну як адзін!
Хто з казак, п’ес, а хто - з літаратуры.
Танцуе злева сумны арлекін,
А справа - кат, і кожны трэці - дурань.
Цыбаты франт цяпер - пыхлівы цмок.
Другі - хавае твар ад агалоскі.
А хто - ужо адрозніць бы не змог
Свой твар ад маскі неадменнай, свойскай.
Я ў карагод іду і рагачу.
Але ж мне неяк неспакойна з імі:
А што, як маска ката ліхачу
Палюбіцца - і ён яе не зніме?
Ці арлекін свой смутак адшукаў
І стане песціць сум, нібыта мары?
І што, як дурань маску блазнюка
Забудзе на сваім нармальным твары?
Як твару добрага не прамаргаць,
Сумленнага знайсці беспамылкова?
Прывыклі ўсе твар маскай закрываць,
Каб не разбіць яго аб жорсткасць слова.
Я таямніцу масак раскусіў.
Упэўнены, зрабіў выснову ўдала,
Што маскі тыя, ну амаль ва ўсіх
Як шчыт ад бруду, ад пляўкоў і ўдараў...
|