На вушы вешаць манку -
ужо не той завод!
Мяне страляў уранку
са стрэльбаў цэлы ўзвод.
За што мне лёс мой бедны
і горкі, як сляза? -
Не тое, каб не ведаў,
ды нельга расказаць.
Мой камандзір мяне аберагаў,
Ды ад расстрэлу ўсё ж не ўратаваў.
І ўзвод выдатна выканаў загад,
Ды быў адзін, які там не страляў.
Мой лёс ліхі блукае
даўно наперакос.
Аднойчы языка я
здабыў, ды не данёс.
І асабіст Суэцін,
такі нястомны сам,
Яшчэ тады прыкмеціў
і нават запісаў.
Ён выцягнуў пасля і прывалок
Падколаты, падшыты матэр’ял.
Ніхто зрабіць нічога ўжо не мог.
Не, змог адзін, які там не страляў.
Рука махнула ў прорву.
Бязглузды гук "Палі!"
І залп мне выдаў пропуск
на цёмны бок зямлі.
Ды чую: "Дыша, сцерва!
Нясіце да ўрача.
Па два разы расстрэльваць -
статуты парушаць."
А ўрач пасля ўсё цомкаў языком
І здзіўлена мне кулі выдаляў.
А я ў трызненні гутарыў цішком
З тым хлапчуком, які там не страляў.
Я раны, як сабака,
лізаў, а не лячыў.
У шпіталях аднак я
па ўвазе не тужыў.
Увесь быў закаханы
ў мяне жаночы пол:
"Эй, ты, недастраляны!
Паўзі-давай на ўкол!"
У Крыме ўжо геройстваваў наш полк.
І я туды глюкозу пасылаў,
Каб саладзейшым быў хаця б глыток -
Каму? - Таму, які там не страляў.
Гарбату піў са сподка
і з спірцікам бываў.
Жыццё было знаходкай,
і я даваяваў.
У полк свой прызначалі.
"Ваюй! - сказаў маёр. -
А што не дастралялі, -
то ўжо не мне дакор?"
Быў рады я ды, сеўшы пры сцяне,
Бялугай выў і лёс свой праклінаў.
Нямецкі снайпер, стрэльнуўшы ў мяне,
Забіў таго, які там не страляў.
|