Лесам ехаў я
раз пад чаркаю,
Пеў, каб коні йшлі
рыссю шпаркаю.
Толькі песні пеў
я раздольныя:
Как любил я вас,
очи чёрные!..
То лянотна ішлі,
то скакалі ўзапар.
І балотную слізь
конь мне кідаў у твар.
Толькі разам са слінай
я гразь праглыну,
Гляку рыла звярну
ды ізноў зацягну:
Очи чёрные!
Как любил я вас!..
Ды прыкончыў я
хмельны свой прыпас,
Галавой крутнуў
ацаніць пейзаж,
Навакол зірнуў
і прысвіснуў аж.
Лес наперадзе стаў, не пускае сцяна.
Коні круцяць вачыма, назад падаюць.
Дзе прасвет? Дзе прагал? Не відаць ні ражна!
Колюць голкі мяне, да касцей дастаюць!
Караннік ты мой!
Выратоўвай, брат!
Ты куды? Пастой!..
А чаго ж назад?..
Я змакрэў чаму?
Мо, на смерць зірнуў!
Воўк прыпрэжнаму
пад паху нырнуў!!
Што ж я вочы заліў?! Вось жа п`яны блазан!
Тут пагібель прыйшла, а ўцячы не паспець!
Гэх, з калоды маёй пацягнулі туза,
Ды такога туза, без якога мне смерць!
Я крычу ваўкам:
Пабяры вас прах!
А каняк скакаць
падганяе страх.
Па хрыбтам крутым
б’ю, шалёны, я,
І раву прытым:
Очи чёрные!..
Посвіст ветра ў вушах, хрып, ды тупат, ды ляск.
І званочкі з дугі граюць дзікі матыў.
Ах вы, коні мае, загублю ж тут я вас!
Вох, скаціна, нясі! Ну выносьце ж, браты!
Ад уцёкаў тых
нават хмель мінуў.
Мы на краж круты,
быццам птах мільгнуў!
Потам, пенаю
заліваліся,
Адсапліся, адхрыпелі,
адкашляліся.
Я тым конікам збітым,
што не падвялі,
Ў капыты пакланіўся
да самай зямлі,
Выпраг, выцер далонню,
з палёгкай вяду.
Дзякуй Богу і коням,
што цэлым іду!..
Колькі канула,
колькі схлынула!..
Мяне кідала,
не дакінула...
Можа, спеў пра вас
ды няўмела я?
Очи чёрные,
скатерть белая!..
|