Булату Акуджаве
Шчырая Праўда ў прыгожым убранні хадзіла, Выбраўшы строі для ўбогіх, блажэнных, калек. Праўду крывая Хлусня да сябе заманіла: Хочаш, маўляў, заставайся ў мяне на начлег. І легкаверная Праўда спакойна заснула, Сліну пусціла і ціха ўсміхалася ў снах. Коўдру крывая Хлусня да сябе пацягнула, Ўпілася ў Праўду і была здаволена - страх! І паднялася, ашчэрыўшы выскал сабачы: Баба як баба! І што ў ёй такога глядзець? Розніцы ў Праўды з Хлуснёю ніякай не ўбачыш, Толькі, вядома, калі іх абедзвюх раздзець. Выплела спрытна з касы залацістыя стужкі, Склала адзежу, прызнаўшы прыдатным фасон, Грошы ўзяла, дакументы, гадзіннік з падушкі, Плюнула, брудна аблаяла й вылезла вон. Толькі світанкам заўважыла Праўда прапажу, Дзіву далася, агледзеўшы пільна сябе: Хтосьці аднекуль прынёс ужо чорную сажу, Вымазаў чыстую Праўду - нашкодзіў і збег. Праўда крычала, калі ў яе друзам шпурлялі: "Гэта Хлусня цяпер носіць уборы мае!.." Двое блажэнных калек пратаколы складалі, Грубымі словамі ўсяк абзывалі яе.         І пратаколы закончылі прыкрай тырадай, Шчодра пабіўшы, што ледзьве падняцца змагла: Нейкая поскудзь, маўляў, называецца Праўдай, Ну а сама прапілася, брыда, дагала! Праўда бажылася, слёзна клялася, рыдала, Доўга блукала, хварэла, завязла ў даўгах... Злая Хлусня дзесь каня чыстакроўнага ўкрала І паскакала на доўгіх і тонкіх нагах...
       
Нейкі дзівак і дагэтуль за Праўду ваюе. Толькі ў прамовах тых праўды - зусім ані-ні: "Праўда яшчэ перамогу сваю адсвяткуе, Толькі зрабіўшы па прыкладзе бруднай Хлусні!.." Часта - нальеш па сто семдзесят грамаў на брата, Потым гадаеш: дзе быў, у якіх такіх снах? Могуць раздзець - гэта праўда! Лаві супастата! Бач, а гадзіннік твой носіць падлюка Хлусня! Бач - у штанах тваіх ходзіць падлюка Хлусня! Бач - на кані тваім скача падлюка Хлусня!
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 1999
© Ольга Залесская. Выкананне, 2015