Мой чорны цень у гарнітуры шэрым -
Ён быў дырэктарам, міністрам, афіцэрам...
Як злы паяц, мяняў ён маскі чынна,
І біў пад дых знянацку, без прычыны.
І, смеючыся, мне ламалі крылле,
А я хрыпеў - ці гэтак, можа, выў.
І знемагаў ад болю і бяссілля,
Адно шаптаўшы: "Дзякуй, што жывы!"
Я верыў прымхам і шукаў прыкметы -
Маўляў, міне! Цярпі! Такой бяды!
Я нават прарываўся ў кабінеты
І заракаўся: "Ні нагой - туды!"
І клікуны навокал галасілі:
"Парыж яму, нібыта нам Загорск!..
Такога трэба вытурыць з Расіі!
Але ж начальству, бач, не да яго..."
Пляткарылі пра дачу і зарплату,
Маўляў, начамі грошы я кую...
Я ўсё аддам - бярыце без даплаты
Трохпакаёўку - камеру маю!
Давалі мне парады, як дэкрэты,
Абняўшы мяне злёгку за плячук,
Мае сябры - вядомыя паэты:
"Не трэба рыфмаваць: крычу - тырчу..."
І лопнула ўва мне цярпення жыла!
І я са смерцю перайшоў на ты!
Яна даўно вакол мяне кружыла,
Пабойвалася толькі хрыпаты.
Суда ўнікаць не маю я намераў.
Спытаюць - адкажу, які мой лёс.
Я да драбніц жыццё сваё абмераў
І добра-дрэнна, ды цягнуў свой воз.
Я зразумеў, дзе лжывасць, а дзе святасць
Даўным-даўно. І гэта - як алмаз!
Мой шлях адзін! - Другіх шукаць не варта!
На шчасце, ў мяне выбару няма.
|