Замак час разбурыў, закапаў і накрыў,
Быццам коўдрай, зялёным мурогам.
Ды развяжа язык ганарлівы граніт
І прымусіць мінулае загаварыць
Пра паходы, баі, перамогі.
Бо нічога часіна не сцёрла:
Адарваць ад гісторыі пласт
Ці мацней яе сціснуць за горла -
Таямніцы яна ўсе аддасць.
Знікнуць сто кайданоў, і спадуць сто замкоў,
І сцякуць сто патоў з цэлай кучы вякоў, -
І пальюцца легенды на сотні радкоў
Пра турніры, аблогі, пра вольных стралкоў...
Да знаёмых мелодыяў вуха настрой
Ды глядзі непрыжмураным вокам.
Бо каханне не знікне ліхою парой
На’т у будучым вашым далёкім.
Звонка трэскаўся шчыт пад напорам мяча,
Цеціва ад напругі дыміла,
З дзідаў смерць паглядала вачыма сыча,
Вораг падаў у гразь, аб ратунку крычаў,
Здаючыся мацнейшым на міласць.
Ды не ўсе з тых, хто выйшлі жывымі,
Захавалі душу ў дабрыні,
Абярогшы імёны чулліва
Ад мярзотнасці подлай хлусні.
Добра, што баявога каня зацугляў
І на дзіду рука зручна легчы змагла.
Добра ведаць, адкуль прыляцела страла,
Горш - калі неяк подла, калі з-за вугла.
Што, мярзотнікаў б’юць там у вас? Добры знак!
Ім жыццё не здаецца салодкім?
Зноў жа зло называецца злом - ці ж не так? -
На’т у будучым вашым далёкім.
І з вякоў у вякі, сёння, як і здаўна,
Баязліўцамі мы пагарджаем!
Вораг ворагам ёсць, і вайной ёсць вайна,
І турмой ёсць турма, і свабода адна -
І заўсёды яе мы жадаем.
Гэтых знакаў часіна не сцёрла.
Трэба толькі прыўзняць верхні пласт -
Бы крывёю гарачаю з горла,
Хлыне процьма пачуццяў на нас.
Сёння й заўтра ў вяках, ад цямна да цямна -
І віна ёсць віна, і цана ёсць цана!
І цудоўна, што гонар ты не размяняў,
Бо за спінай сябрына стаіць як сцяна.
Чысціню, прастату мы ад продкаў бяром -
Забываць сагі, казкі не варта, -
Бо дабро ўсё адно застаецца дабром -
Як учора, так сёння і заўтра!
|