Побач з ярам, па-над безданню, ля самага ля краю
Пугай коней я сваіх усё сцябаю, падганяю...
Нешта мне паветра мала - вецер п’ю, туман глытаю!
Чую з гіблым захапленнем: прападаю! прападаю!
Не спяшайце, мае коні! Хоць са свістам я
Пугай б’ю!.. Ой, не трэба ляцець!
Але ж патрапілі мне коні наравістыя -
І дажыць не паспеў, і дапець не паспець.
Коней я напаю. І куплет дапяю, -
Хоць імгненне яшчэ на краі пастаю...
Згіну я - мяне пушынкай ураган змяце з далоні,
І галопам мяне ў санях павязуць па снезе ўранку.
Вы хадою нетаропкай рушце далей, мае коні!
Хоць крыху падоўжце шлях мой да апошняга прыстанку...
Памарудзьце, коні шпаркія, агністыя!
Хай бізун будзе марна трымцець!
Ды вось патрапілі мне коні наравістыя -
І дажыць не паспеў, і дапець не паспець.
Коней я напаю. І куплет дапяю, -
Хоць імгненне яшчэ на краі пастаю...
Я паспеў. Да Бога ў госці не спазняюцца ніколі.
Што ж анёлы там пяюць такімі злымі галасамі?!
Ці званочак так заліў сваім рыданнем наваколле,
Ці то коням я крычу, каб не так хутка неслі сані?!
Не спяшайце мае коні - ветры шквальныя!
Я малю вас наўскач не ляцець!
Ды толькі коні ж у мяне неўтаймавальныя...
Раз дажыць не паспеў, дык хаця б як - дапець!
Коней я напаю і куплет дапяю, -
Хоць імгненне яшчэ на краі пастаю...
|