Сняцца - жоўтыя агні.
Быццам трызню ў сне я:
"Пачакай, перадыхні -
Ранкам памудрэеш!"
Ранкам зноў нутро гарыць
І няма вяселля.
Ці то нашча закурыць,
Ці заліць пахмелле?
У шынках - пітво ў гляках,
Белыя сурвэткі, -
Рай для блазна, жабрака.
Мне ж - як птушкам клеткі.
А ў царкве - паўзмрок, смурод,
Дзякі паляць ладан...
Не, і там не мой народ,
Мне і там не зладна.
На гару я ўзахапкі,
Каб чаго не выйшла.
На гары стаяць дубкі,
Пад гарою - вішня.
Можа, дзе ручэй цячэ,
Спеў птушыны з неба?
Хоць што-небудзь бы яшчэ...
Зноў не так, як трэба.
Я па полю напрасткі:
Ў цемры свет без Бога!
А ў тым полі - васількі,
Доўгая дарога.
Паўз дарогу лес густы
З бабамі-ягамі.
А за лесам знойдзеш ты
Плаху з абцугамі.
Недзе скачуць коні ў такт,
Плаўна скачуць полем.
Паўз дарогу ўсё не так,
А ў канцы - тым болей.
Ні царква і ні карчма
Ўжо не вабяць штосьці.
Не, браточкі, ўсё дарма!
Ўсё не так, браточкі...
|