Каб следу не было, паўсюдна падмялі...
Аблайвайце мяне, няслаўце й балабоньце:
Мой фініш - гарызонт, а стужка - край зямлі, -
Мне трэба першым быць на гарызонце!
Заклад такі не ўсім прыйшоўся па душы
І рукі разбівалі неахвотна.
Дамовіліся так: каб ехаць па шашы
І толькі па шашы - беспаваротна.
Накручваю я мілі на кардан
І еду паралельна правадам.
Ды раз за разам цень перад маторам -
То чорны кот, то нехта ў нечым чорным.
Я ведаю - не раз мне ў колы палкі ткнуць,
Здагадваюся - дзе і як мяне падмануць,
Вядома, дзе мой бег з усмешкай перарвуць
І дзе цераз дарогу трос нацягнуць.
Ды стрэлкі я таплю - на хуткасцях такіх
Пясчынкі набываюць сілу кулі, -
І я сціскаю руль да сутаргаў рукі, -
Паспець, пакуль балты не зацягнулі!
Накручваю я мілі на кардан
Насустрач вертыкальным правадам
Закручваюць балты... Хутчэй, машына!
А то паднімуць трос якраз дзе шыя.
І плавіцца асфальт, пратэктарам хана!
Пад дыхавіцу б’е ад блізкасці развязкі.
І я плячыма рву нацягнуты канат, -
Жывы! - здыміце чорныя павязкі!
Хто вымусіў мяне на жорсткі той заклад,
Не меў сумлення ў спрэчках і разборках.
Азарт мяне п’яніць, але ж такі расклад -
Я тармажу на коўзкіх паваротах.
Накручваю я мілі на кардан
Назло канатам, тросам і дратам.
Вы толькі прагаданцаў супакойце,
Калі з’яўлюся я на гарызонце!
Мой фініш - гарызонт - ледзь бачыцца здалёк.
Я стужкі не парваў, але пакончыў з тросам.
Канат не перасек мой шыйны пазванок,
Але з кустоў па колах стрэлы шротам.
Мяне ж бо не рублі на гонку завялі,
Мяне прасілі: "Час не праваронь ты!
Даведайся, дзе ёсць мяжа ці край зямлі,
Ці можна шчэ рассунуць гарызонты?"
Намотваю я мілі на кардан
І кулю ў скат загнаць сабе не дам.
Ды тармазы не слухаюцца, - кода! -
Праз гарызонт я пралятаю з ходу.
|