Я паўсвету амаль, хай вам Бог не дае, Краўся, крочыў і поўз з батальёнам. І дадому мяне за заслугі мае Дастаўлялі ўжо санэшэлонам. Вось мне бачыцца родны дамок, Пра які ні за што не забыцца. Я знямелы стаяў, а над дахам дымок Уздымаўся па-іншаму быццам. Вокны быццам баяліся ў вочы зірнуць. Гаспадыня не рада салдату - Да грудзей не прыпала слязамі крануць, Рукі здзіўлена склала - ды ў хату. І загаўкалі псы на мяне. Я ступіў у паўцёмныя сенцы, Зачапіў за чужое за штось пры сцяне, Торгнуў дзверы - і змяклі каленцы. Там сядзеў за сталом, ды на месцы маім Гаспадар новы - пыса з вусамі. Гаспадыня пры ім, і ватоўка на ім, Ну а я вось абгаўканы псамі. Гэта значыць, пакуль пад агнём Па Еўропе я швэндаўся пешшу, Мэблю ён пераставіў у хаце маёй І на свой лад усё перавешаў. Мы пад богам вайны свой пракладвалі шлях, Артылерыя нас прыкрывала. Ды смяротная рана са спіны знайшла, Чорнай здрадаю сэрца працяла. Я сябе ў паясніцы сагнуў, Клікнуў волю сваю на падмогу: "Выбачайце, таварышы, што завярнуў Памылкова к чужому парогу..." Мір, маўляў, ды любоў вам, ды хлеба з палёў, Ды яшчэ каб і чарка да хлеба... Ну а ён нават вуха ў адказ не павёў, Быццам гэта ўсё так, як і трэба. Раўнавагу я неяк знайшоў, Павярнуў да парога без мата. Расчыніліся вокны, калі я пайшоў, І зірнулі мне ўслед вінавата.
© Міхась Булавацкі. Пераклад, 2016