Калі ноччу глухой перашкод не ўсачыў,
спатыкнуўся ты й ходзіш па краю, -
не знікай, не маўчы, да мяне дакрычы! -
Я твой голас пачую, пазнаю.
Мо, ты з куляй ляжыш, беспрытомны амаль?
Пацярпі! - я спяшаюся... Я цябе ўскіну на плечы.
І мы дойдзем туды, дзе паветра і травы палечаць.
Толькі ты не памры, толькі кроў утрымай!
Можа, конь пад табой, - даімчы, даскачы!
Адшукае дарогу буланы
да зямлі, дзе жывая крыніца цурчыць,
дзе загояцца ўсе твае раны.
Ты ў палоне? А можа ў далёкіх краях
на дарозе якой, скрыжаванні або раздарожжы
заблукаў ты, стаміўся, смуткуеш у свеце варожым
і туды не патрапіш, дзе сцежка твая?..
Тут з-пад снегу такой чысціні ручаі!
Кветкі фарбамі радуюць вочы.
Нічыё ўсё... І дрэвы такой вышыні!..
Будзе наша - як толькі захочам.
Можа, цяжка ісці? Боль твой выгляд сказіў?
Басанож па сцюдзёнай вадзе ды па вострым каменні,
абвятрэлы, запылены, змораны да знемажэння,
хоць які, - ты дайдзі, дабрыдзі, дапаўзі!..
|