Я заўчора скончыў коўку,
Аж два планы абламаў.
За мяжу камандзіроўку
Ад завода атрымаў.
Змыў пад душам сажу з вухаў,
З’еў кавалак пірага
Ды інструктара паслухаў,
Што там нельга, а што льга.
Побыт сёння крыху лепшы
ў іх кругох.
Дык, каб я не адчыбучыў
там чаго,
Даў ён мне чытаць брашуру,
к наказ,
Каб не ўздумаў жыць там здуру
як у нас.
Гаварыў са мной, як з братам,
Пра замежны кавардак,
Пра візіт да дэмакратаў
У польскі горад Кракавяк:
"Там на іх свая пячатка -
Цяжка нам не асуджаць.
Паспрабуй ты ўжо іх, братка,
Хоць крыху ды паважаць.
Будуць пра пітво дэбаты -
адвучай:
Нe ўжо, хлопцы-дэмакраты, -
толькі чай!
Прапануюць падарункі, -
не бяры:
У саміх дабра такога
як махры!"
Ён сказаў: "У тым камфорце
Ашчаджай, ды не дуры.
І, глядзі, не выкінь форцель -
З сухамяткі не памры.
У тым польскім Будапешце
Так вядзецца ўжо здаўна -
Можа й скажуць: піце-ешце,
Ну а можа - ні храна."
Ох, я ў Венгрыі на рынак
пахаджу,
На нямецкіх на румынак
пагляджу.
Сябра чуў, што дэмакраткі
тыя, бля,
Не бяруць з людзей савецкіх
ні рубля.
"Буржуазныя распусты
Ліпнуць нават да пяты.
Сцеражыся, як атруты,
Пазашлюбных шашняў ты.
Там шпіёнкі з вабным станам.
Ў дзверы іх - яны ў вакно!
Ты кажы, што з той заганай
Мы пакончылі даўно.
Могуць дзейнічаць яны не
напрасткі:
Сядуць побач, акурат як
мужыкі,
А сама напхае толу
пад карсет.
Угадай, якога полу
твой сусед!"
Тут я стаў як грыб нясвежы.
Чую - нават едзе дах.
Як тут? - лезці пад адзежу?
Дык падхопіш па мардах.
Ды інструктар - тая штука!
Паспрабуй такога зрэж!
І пайшла далей дакука
Пра каварны той замеж.
Я для невукаў тлумачу
зноў і зноў:
Ад’язджаю да балгараў, а
не ў Пскоў.
"Калі тэмы там узнікнуць -
хутка зняць.
Біць іх нельга. А не ўедуць -
паўтараць."
Я ж па-іхняму - ні слова!
Ні ў дугу і ні ў тую!
Молат мне - дык я любога
У свайго перакую.
Я ж зусім не агітатар,
Я працую ды маўчу.
Ды ў той польскі Улан-Батар
Я ўжо й ехаць не хачу!
З жонкай сплю, але не спіцца:
"Дуся, чуй!
Нешта я ў замежжа тое
не хачу.
Я ж не іхняга замесу,
збягу.
Я ж па-польску ці па-швэдску -
ні гугу!"
Дуся спіць, мая сяброўка,
Накруціўшы бігудзі,
І мармыча мне спрасонку:
"Хопіць, Коля, не гудзі.
Нешта ты зусім нясмелы,
Развядуся я з табой!
Дваццаць год спім цела ў цела,
А ўсё: Дуся, Дуся! Вой!
Абяцаў і ўжо не помніш? -
ну даеш! -
Што цырату з Бангладэшу
прывязеш.
Прыхавай там пару рупій,
не бузі.
І хоць што, хоць чорта ў ступе
прывязі."
Я заснуў, абняўшы друга,
Жонку верную маю.
Сніў - нібыта я кальчугу,
Шчыт і меч сабе кую.
Там у іх не тыя меркі.
Ледзь не так - і будзеш дзе?!
І ўсё сніліся мне немкі
Пры ружжы і ў барадзе.
Сніў я Дусіны цыраты ў
колер бэж
І шпіёнак зухаватых
з Бангладэш...
Пажыву я воляй Божай
у румын.
Кажуць, што яны з Паволжа,
як і мы.
Вось жанчына - вулі-вулі!
Як праводзіць - стала пець.
Павыгладжвала кашулі -
Люба-дорага глядзець.
Да спаткання, цэх кавальскі,
Дзе любімы на’т прабой!
Да спаткання, план мой майскі,
Перавыкананы мной!
Пілі мы - спірт у аорту
пранікаў,
Да самога эрапорту
я ікаў.
Я на трап - а ў спіну мне
нібыта брэх:
"На каго ж ты, Коля, кінуў
нас усех?!"
|