Едзеш аўтобусам, аўтамабілем
Ці шпацыруеш, глытнуўшы вінца, -
Ды пры сучасным машынным засіллі
Цяжка прайсці па жыцці да канца.
Вось вам аварыя: тут па суседству
Везлі кагосьці хаваць, а далей
Усе, і шафёр, атрымалі калецтвы,
Толькі адзін, хто ў труне, ацалеў.
Бабы па найме рыдалі праз зубы.
Дзяк верхніх нот не выцягваў, басіў.
Гучна фальшывілі медныя трубы.
Толькі каторы ў труне - не схлусіў.
Нейкі начальнік - хапуга і змоўшчык -
Цмокаў у лоб і... гідліва пляваў.
Кожны прыклаўся. А сціплы нябожчык
Ні аднаго і не пацалаваў.
Хмары сышліся, гром грымнуў сярдзіты.
Сілам прыроды на кaзань пляваць.
Усе шмыганулі пад дахі і пліты,
Толькі нябожчык не стаў уцякаць.
Што яму дождж! З ім нічога не будзе.
Вось што ў жывых загартоўка - брахня.
А ў дамавінах мінулыя людзі -
Смелыя людзі і нам не раўня.
Як ні спяшай, цябе аперажае
Клейкі ярлык, бачны ўсім, хто зірне.
Мабыць, нішто табе не пагражае,
Толькі калі ты ў дубовай труне.
Разам? Асобна? - Не стане драць горла:
Мёртвых пытанне жытла не кране.
Вось малайцом гэты самы памёрлы:
Што ні рабі - ён цябе не кляне.
Там, паміж ценяў, у царстве тым строгім -
Ні небяспекі, ні нейкіх трывог.
Мы тут жывыя ўсе ходзім пад Богам.
Толькі ў труне не шукаем дарог.
Чую папрок: "Ён нябожчыкаў хваліць!"
Не, я крыўдую на лёс злы ў мяне:
Некалі ўсіх нас хто-небудзь заваліць,
За выключэннем таго, хто ў труне.
Свет напаўняюць і войны, і бойкі -
Чорныя сілы заўжды з трэнажом!
Так што ў патэнцыі кожны - нябожчык,
За выключэннем таго, хто - ужо.
|