Пры жыцці я быў рослым і смелым,
Не баяўся ні слова, ні кулі,
І ў звычайныя рамкі не лез.
З тых часоў, як лічуся памерлым,
Зашчамілі мяне і прыгнулі,
Ў п’едэстале загруз ахілес.
Не абтрэсці гранітнага мяса
І не выцягнуць мне з пастаменту
Ахілесаву тую пяту.
І жалезныя рэбры каркаса
Змацаваныя мёртва цэментам -
Толькі сутаргі праз немату.
Я хваліўся плячыма па сажню -
Наце змерце!
Я не ведаў, што гэта не важна
Пасля смерці.
І мяне ўсё ж уціснулі ў рамкі -
Змялі, ўбілі.
Торс надзейныя жорсткія лямкі
Паспавілі.
І з мяне, калі ўзяў ды памёр я,
Пасмяротную маску здымалі
Дальнабачныя члены сям’і.
І, паколькі ляжаў я пакорна,
З гіпсу ўшчэнт паздзіралі, счасалі
Злепкі скул азіяцкіх маіх.
Я й не сніў, што вось гэтак паверне.
Не лічыў я, што мне пагражала
Апынуцца мярцвейшым за ўсіх.
Ды ільснілася маскі паверхня
І магільнай самотай праймала
Ад вачніц бездакорна пустых.
Пры жыцці я не ўкладваў пачвары
Ў пашчу палец.
Ад мяне, хто йшоў з меркай звычайнай,
Адступалі.
Ды, здымаючы маску па смерці,
Тут жа ў ваннай,
І трунар падыйшоў ужо з меркай
Палатнянай.
А затым, па мінуласці году,
Як бы сімвал майго выпраўлення
І нібыта дарунак віны,
Пры агромністым зборы народу
Пад бадзёрае стужак хрыпенне
Адкрывалі мой помнік чыны.
Цішыню нада мной раскалола
І з дынамікаў хлынулі гукі.
З дахаў біў прамянёвы квартэт.
Надарваны адчаем мой голас
Прагрэсіўныя сродкі навукі
Пераклалі ў прыемны фальцэт.
Я маўчаў, пад накідкай схаваны, -
Ўсе там будзем!
Тым жа часам вішчаў, як злягчаны,
Ў вушы людзям.
Саван скінулі - вось я, пахілы, -
Наце змерце!
Ну няўжо ж я патрэбен такі вам
Пасля смерці?!
Камандора крок гнеўны і гулкі...
І я вырашыў скрочыць са звонам,
Брукаванкай, як ён, пагрымець.
І натоўп адхіснуўся ў завулкі,
Калі вырваў нагу я са стогнам,
Камяні паляцелі з мяне.
Нахіліўся я, голы, пачварны,
І ў падзенні вылузваўся з скуры, -
Дацягнуўся жалеззем крывым!..
І тады, калі грымнуўся тварам,
З тых дынамікаў рваных, панурых
Прахрыпеў я, здаецца: жывы!..
|