Я ціха жыў, не дзьмуў у вус,
Свабодны ад дурных спакус,
З людзьмі ў ладах - не пагарджаў і не ілгаў,
Хрыбет не гнуў - прамым хадзіў,
І ўбок ніколі не зблудзіў,
І галаве сваёй рукамі памагаў...
Ды быў данос, а там турма -
Кругом пяцьсот і нас няма...
Быў кабінет з таблічкай «Время уважай!»
Не прычакаеш там спагад,
Там штэмпель ставяць наўздагад,
Нібы ў капэрце пасылаюць за Мажай.
Тады - залік, пасля - дамоў,
За спінай - сем ліхіх гадоў -
Вісяць яны на мне - ні кінуць, ні прадаць.
Ды на таго лёс скіраваў,
Хто ўсіх увішна вербаваў,
І за Урал машыны стаў пераганяць.
Дарога, а ў дарозе - МАЗ,
Які па макаўку заграз.
Ў кабіне змрок, напарнік доўгі час маўчыць.
Хаця б крычаў, - кіплю я злом.
Завея бесіцца за шклом,
А ён зубамі «Танец з шаблямі» брынчыць.
Маршрут даўно нам давялі -
І МАЗ даставіць мы маглі.
Што наша справа - сеў, паехаў - дзень ці ноч!
Ну трэба ж так - пад Новы год -
Туды пяцьсот, назад пяцьсот.
Сігналіш марна - тут жывога не чутно!
«Глушы матор, - азваўся ён, -
Тут МАЗу нашаму гамон!»
Маўляў, глядзі, тут больш няма чаго чакаць.
Кругом пяцьсот па даўгаце,
Да ночы цалкам замяце,
Так зараўняе, што не трэба і хаваць!..
Я гавару яму: «Не плач!»
А ён глядзіць, нібы крумкач
З шалёным тварам, і ў руцэ трымае прут.
А што яму - ён тут як звер,
І хто каго перажыве,
Той і дакажа, хто быў правы, як прыпруць!
Ён быў за брата мне радней,
Ён у мяне з далоні еў.
А тут як гляне ў вочы - быццам шкрабане.
А што яму! Пасля, псямаць,
Хто там захоча разабраць,
Што ён забыў, хто я яму і хто ён мне!
І ён пайшоў кудысьці ўбок.
Я адпусціў, а сам прылёг.
Мне сніўся сон пра наш «вясёлы» наварот:
Нібыта зноў кругом пяцьсот,
Шукаю выхад я з варот,
Яго няма, а толькі маецца ўваход.
...Канец такі: прыйшоў цягач,
І там быў трос, і быў урач,
Патрапіў МАЗ, куды прызначана яму.
І ён прыйшоў - дрыжыць увесь...
І там - ізноў далёкі рэйс -
Я зла не помню, я з сабой яго вазьму!..
|