Паміж сьвечак аплылых і пацер на сны,
Між ваенных трафеяў, пры мірных кастрох
Без змаганьня мы, кніжныя дзеці, расьлі
І марнелі ад дробных сваіх катастроф.
Век і быт табе прыкры -
Ты біцца гатоў
Да сьмяротнае крыўды
І да гузакоў.
Ды апратку матулі
Зацыроўвалі ў час,
А нас кнігі гарнулі,
Апойвалі нас.
Ліплі нам валасы на ўспацелыя лбы,
І пад лыжачкай штось казытала ад фраз,
І закружваў галовы нам пах барацьбы,
Што зьлятаў з пажаўцелых старонак на нас.
Тыя словы на лад
мы тлумачылі свой,
Хоць і поклічам вояў
здаваўся нам вой -
Сэнс загадаў, атак
І мяжы праясьніць
Спрабавалі пад ляск
Баявых калясьніц.
А ў кіпучых катлах міжусобіц былых
Для маленькіх мазгоў шмат таілася страў -
У нас вораг у гульнях, пазычаных з кніг,
Баязьліўца, іуду і здрадніка граў.
Мы заўжды даганялі
Нягодніка ўгрунь,
І кахаць абяцалі
Чароўных красунь.
І да бліжніх зь любоўю,
На радасьць сябрам
Кожны ў ролі героя
Ўяўляў сябе сам.
Толькі ў крозы свае назаўжды не ўцячэш,
Век забавы кароткі ў час болю й прынук.
Трэба мёртвым расьціснуць далоні найперш
І прыняць зброю зь іхных зьнясіленых рук.
Паспытай, калі меч
Шчэ астыў не зусім,
Што ў жыцьці насамрэч
Да чаго і па чым,
Запытай: ці герой я,
Ці проста слабак,
І адчуй, што такое
На смак барацьба.
І калі побач сябар загіне ад ран,
Прыйдзе першая страта, скуголь не скуголь -
Застанесься бяз скуры няўзнак, бо абраў
Лёс ахвярай сваёй не цябе, а яго.
І нарэшце патрапіш
Тады зразумець:
Пад забраламі храпы
І ёсьць тая сьмерць.
У падману і ліха
Твар поўны брыды,
А за сьпінаю іхнай -
Крукі і клады.
Як бацькоўскім мячом змог ты шлях прасячы,
І салёныя сьлёзы на вус наматаў,
У гарачым баі паспытаў, што па чым -
Значыць, слушныя кнігі ў дзяцінстве чытаў.
Калі мяса зь ляза
Ты на смак не спазнаў,
І з адлегласьці за
Калатнёй назіраў,
Пазьбягаў барацьбы
З халуём свалачным -
Ты ў жыцьці, значыць, быў
Ні пры чым, ні пры чым.
|