Зноў турбуе без канца пытаньне вечнае - і гусьцее навальнічнае паветра. Мне ўсё чуецца ураньні песьня нечая, быццам птушкі-вестуны сьпяваюць ў нетрах. Птушка Сірын ашчэрвае зубы ў сьне ці вясёлы паказвае нос. А насупраць сьпявае на згубу мне, рве на часткі душу Алканост. І сем запаветных струн клічуць думы ўвысь мае - гэта птушка Гамаюн надзею падае! У блакіце, скрозь званіцамі праколатым, звоніць медны звон цяжкім молатам. Ці то ўсьцешыўся ён, ці то зазлаваў. Купалы на цэрквах крыюць чыстым золатам, каб іх Ойча часьцей заўважаў. Я стаю нібы перад загадкай вечнаю - перад казачна вялікаю краінай, перад солана - да горка-кісла-млечнаю - і блакітнай, і крынічнай, і адзінай. Гразьзю чвякаюць ржавай і тлустаю коні, мкнуцца назад павярнуць, ды вязуць па краіне закутай нас, па аглухлай, апухлай ад сну. І нябачны мне пяюн на маім шляху ўстае, гэта птушка Гамаюн надзею падае! Душу зьбітую і стратамі, і тратамі, што пакутуе век за кратамі, там, дзе лапік да крыві ад гужа, зубы сьцяўшы, залатой зашыю дратвай я, каб часьцей Ойча нас заўважаў!
© Георгій Станкевіч. Пераклад, ?