Тут лапы ялін цягнуць рукі праз дым,
Тут птушкі крычаць беспрычынна.
Жывеш ў зачарованым лесе сваім,
Адкуль уцячы немагчыма.
Няхай бельлю чаромха пужае зару,
Аблятаюць дажджом кветкі бэзу
Ды ўсё-роўна адсюль я цябе забяру,
Бо патрэбна ты мне да зарэзу.
Твой сьвет з ведзьмакамі - сьвядомы падман,
Няпроста ў ім жыць нават летам.
Табе ж падаецца - цудоўней няма,
Чым лес зачарованы гэты.
Калі гольле бяроз скіне сон раніцой,
Калі месяц зьняможацца хворы,
Я прыеду таемна сюды за табой,
Каб забраць ў сьветлы церам за мора.
Няхай дзіка плача ў падлеску лясун
І цені бягуць па лагчынах.
Калі я цябе на руках панясу,
Мне лес свае дзьверы адчыніць.
Твае вусны усьмешкаю лёгкай кране,
Ты стрымаешся, каб не сьмяяцца.
«Пагаджайся на рай у лясным будане,
Пачакаюць за морам палацы!»
|