Ўсё ня так, а здаецца, усё, як заўжды:
Той жа дзень у блакітным тумане,
Тыя жа лес і паветра, і плёскат вады -
Толькі ён не вярнуўся з заданьня.
З ім ніколі ўначы не хацелася спаць,
Мы спрачаліся зь ім да сьвітаньня.
Мне цяпер яго толькі не стала хапаць,
Калі ён не вярнуўся з заданьня.
Не да месца маўчаў ён, ня ў такт падпяваў,
Не любіў гаварыць пра каханьне.
Сумаваць не даваў, сам на золку ўставаў,
А цяпер - не вярнуўся з заданьня.
Голле стукне ў вакно - мне здаецца, што ён,
Я дагэтуль чакаю вяртаньня.
Для мяне нібы ветрам задзьмула агонь,
Калі ён не вярнуўся з заданьня.
Зноў вясна, так, што хочацца неба абняць.
Я змагацца з пачуцьцем ня ў стане.
«Слухай, дай прыпаліць!» - а ў адказ цішыня...
Сябра мой не вярнуўся з заданьня.
Нашы мёртвыя нас не пакінуць ў бядзе,
Яны вартай нябачнай паўстануць.
Адбіваецца лес у блакітнай вадзе,
Дрэў шыхты, быццам сінія здані.
Нам і месца ў зямлянцы хапала адной.
Усьміхалася двум гэта раньне.
Ўсё цяпер - аднаму. Ды здаецца парой,
Гэта я не вярнуўся з заданьня.
|