Я калісьці памру. Калі-небудзь усе паміраюць.
Вось яшчэ б падгадаць, каб не сам, каб у сэрца нажом:
У забітых душа, без сумневу, суцешыцца раем.
Не скажу пра жывых, а нябожчыкаў мы беражом.
Тварам грымнуся ў твань і набок завалюся, аслаблы,
Ірванецца душа мая зь месца ў шалёны галоп,
У дзівосных садах набяру зь лёгкай чырваньню яблык.
Ды вартуюць сады і страляюць бяз промаху ў лоб.
Даскакалі - гляджу - на вачах адбываецца драма,
Белы сьвет ад стварэньня такога ня бачыў нідзе:
На бясконцай пустэчы ўзвышалася нейкая брама,
І вялізны этап - тысяч з пяць - на каленях сядзеў.
Як заржэ караньнік! Сьціхамірыў я словам ласкавым,
З грывы вырваў дзяды, прычасаў гладкі шоўк валасоў
Дзед дарэшты сівы доўга поркаўся каля завалы
І крахтаў, і бурчэў, ды ня змог адчыніць і пайшоў.
Змардаваны народ не азваўся ні крыкам, ні стогнам -
Са здранцьвелых каленяў на кукішкі ён перасеў.
Тут маліна, сябры, нас вітаюць малінавым звонам!
Час па крузе ідзе, і над кругам расьпяты вісеў
Я старога пазнаў па сьлязах на абліччы абвялым:
Гэта - Пётра Сьвяты. Ён - апостал, а я - асталоп.
Вось і шаты садоў, тут да чорта марожаных яблык,
Ды вартуюць сады. Мне дакладна пацэлілі ў лоб.
Вам даброты давай, ды за іх я ня біўся б заядла.
Мне б - сяброў: колькі шчырых сьлязін на магілу лягло б! -
Мне для іх цяпер трэба нарваць з лёгкай чырваньню яблык,
Хоць вартуюць сады і страляюць бяз промаху ў лоб.
І пагнаў свае коні я прэч, звар’яцелых, засьмяглых.
Ім бы трошкі аўсу - і тады небясьпека міне!
Ўздоўж абрыва, над безданьню цэлую пазуху яблык
Для цябе я вязу, ты і з раю чакаеш мяне!
|