Ў дарогу - руш! Ці - у труну лягай!
Так! Выбар небагаты перад намі.
Далі жыцьцё нам - не жыцьцё, а рай, -
Але ж для пэўнасьці скавалі кайданамі.
А нехта, без аглядкі ды наўгад,
Ўсяму паверыў неасэнсавана.
Ці то жыцьцё - калі ты ў ланцугах?
А хіба ж выбар то - калі скаваны?!
Каварная нам зробленая ласка -
Нібыта ў злых пустынях міражы:
Сьмерць ад сваіх - наперадзе з грымаскай,
І ззаду сьмерць, але ўжо ад чужых.
І сшэрхла цела, і сышла душа,
І мы маўчым, як падстаўныя пешкі,
А з-за крывога лабавога шкла
Нам ганьба шчэрыцца ды рассыпае ўсьмешкі.
Калі б вось тыя ланцугі парваць -
Забілі б тады ўласнымі рукамі
Таго, хто здагадаўся прыкаваць
Нас да жыцьця такога ланцугамі.
Няўжо мы шчэ на нешта спадзяемся?
А можа, нам ланцуг не па зубах?
Тады чаму ж у браму раю б’емся
Касьцямі мы па кованых скабах?
Прапанавалі выхад нам з вайны,
Але цану такую закруцілі,
Што, да жыцьця прысуджаныя, мы
Павінны бавіць час у здрадзе, ганьбе, цьвілі.
Каштуе ці жыцьцё такой цаны?! -
У гэтым сьвеце ўсё неверагодна!
І воддаль ад вялікай той вайны
Магчымасьць ёсьць яшчэ памерці годна.
Ня трэба нас з балотнай сьлізьзю мераць -
Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём!
Пакутлівым жыцьцём нам не памерці -
Мы лепей пэўнай сьмерцю ажывём!
|