Дык чаму ўсё не так? Не забрала ж бяда?
Бачыш неба - блакітна-жывое,
Той жа лес, і паветра, і нават вада...
Толькі ён не прыйшоў з поля бою.
Не ўцяміць цяпер, хто меў рацыю з нас
У размовах без сну і спакою.
«Не хапае цябе», - зразумеў я ураз,
Калі ён не прыйшоў з поля бою.
Неўпапад ён маўчаў і не ў такт падпяваў
І заўжды гаварыў не пра тое,
Ён мне спаць не даваў і да сонца ўставаў, -
А пасля не прыйшоў з поля бою.
Пуста ў сэрцы, хоць бачу я неба шацёр.
Зразумеў раптам: нас было двое...
Для мяне - быццам ветрам задзьмула касцёр,
Калі ён не прыйшоў з поля бою.
Зноў вясна. Капяжы, як калісьці, звіняць.
Выпадкова паклікаў яго я:
«Дружа, дай закурыць!» - а ў адказ цішыня...
Не вярнуўся учора ён з бою.
Не пакінуць ніколі яны у бядзе,
Нашы паўшыя - як вартавыя.
Неба ў лесе люструецца, нібы ў вадзе, -
Ды і дрэвы - блакітна-жывыя.
Нам з ім месца ў зямлянцы хапала ўпаўне,
Сябравалі часінай любою...
Ўсё цяпер - аднаму, - толькі мроіцца мне -
Гэта я не прыйшоў з поля бою.
|