Рэстаран, дзе карціны вісяць тут і там, Запрашае заходзіць: гуляйце!.. За сталом адзінока сядзіць капітан. «Можна сесці?» - спытаў я. «Сядайце... Закуры!» - «Выбачайце, «Казбек» не па мне...» - «Добра, выпі! Вось посуд парожні, Бо пакуль прынясуць... Выпі лепш за мяне! Будзь здаровы!» - «І буду, раз можна...» - «Ну, дык хто ты такі? - запытаў капітан. - Бачу, п’еш ты гарэлку са смакам! А ці бачыў калі кулямёт альбо танк? Рукапашную зведаў атаку?.. Сорак трэці. Пад Курскам я быў старшыной. За маёю спіною - такое... Усяго шмат было за маёю спіной, Каб ты, хлопец, далей жыў спакойна!..» Ён спрачаўся і піў. Ён спытаў пра гады І крычаў, быццам быў я зануда: «Паўжыцця я аддаў за цябе, малады, - Ты ж сваё марнатравіш тут, юда! Вось вінтоўку б табе ды паслаць цябе ў бой! Ты ж гарэліцу глушыш са мною!..» Я сядзеў, бы ў акопе пад Курскай дугой - Там, дзе быў капітан старшыною. Усё больш ён хмялеў. Я, аднак, не адстаў І, здаецца, пакрыўдзіў дакорам. Я пакрыўдзіў яго, бо сказаў: «Капітан, Ты ніколі не будзеш маёрам!..»
© Расціслаў Бензярук. Пераклад, 2000