Вось твой білет, вось твой вагон.
Як ты хацеў, нікому больш, табе адно:
Цягнік у рай - і вечны сон,
Шматвекавое каляровае кіно.
Ня трэба віз, яны - жывым,
І з кантрабандай не разводзяць каніцель.
Стэрыльны ты, як херувім...
Ня першы клас, ды ёсьць паліца і пасьцель.
Вось і збываецца ўсё, што прарочыцца.
У добры шлях! - Цягнік у неба ўзяў разгон.
Ах! Як нам хочацца, усім нам хочацца -
Ня ў скон, а менавіта ў вечны сон.
Зямны пэрон не дакарай,
Ён бачыў шмат такіх расстаньняў і дарог...
Ты з нас адзін, хто едзе ў рай,
Сустрэнеш Бога - ён жа ёсьць, напэўна, Бог.
Перадавай яму ад нас
Ты прывітаньне, а забудзеш - не бяды,
Бо кожны з нас патрэбны час
Памітусіцца, як належыць, а тады...
Вось і збываецца ўсё, што прарочыцца.
У добры шлях! - Цягнік у неба ўзяў разгон.
Ах! Як нам хочацца, усім нам хочацца -
Ня ў скон, а менавіта ў вечны сон.
Ня ўсім у рай, але сваю
Зямную долю спадзяемся адшукаць,
Свой боль і сьпеў... Вось я - пяю,
Другі - кахае, трэці - думае кахаць.
А пасьля нас - заснуць сыны,
Унукі, праўнукі і праўнукі сыноў.
Каб не было ў сыноў вайны,
Каб іхным праўнукам ня сьніць сьмяротных сноў.
Вось і збываецца ўсё, што прарочыцца.
У добры шлях! - Цягнік у неба ўзяў разгон.
Ах! Як нам хочацца, усім нам хочацца -
Ня ў скон, а менавіта ў вечны сон.
Табе пляваць і хоць бы хны:
Ляжыш, каханенькі, ды ловіш вечны кайф.
Што да мяне - такой цаны
Ня даў бы, нават калі скарбы адшукаў:
Абудзіць там якісьці тып
У новым сьвеце без хваробаў і вайны -
Перамаглі ганконгскі грып.
На ўсім гатовым жыць гатовы, не дурны!
Ну, а пакуль зьвініць званок:
У добры шлях, дзівосны сьвет, шчасьлівы рай!
І калі там - напраўду Бог,
Усё ж згадай і прывітаньне перадай.
|