Між аплаўленых сьвечак і мірных зарніц,
Між ваенных трафеяў, малітваў і строф,
Дзеці кніжнага веку, мы ў межах паліц
Паміралі ад першых сваіх катастроф.
Крылы век падарыў, ды
Спыняў на ляту:
Нашы бойкі і крыўды -
Кату па пяту.
Нам адзежы латалі
У час мацяркі,
Мы ж тамамі глыталі
П’янкія радкі.
Ліплі нам валасы на спацелыя лбы
І смактала пад лыжачкай млосна ад фраз,
І зьвінела ў вушах, калі пах барацьбы
З пажаўцелых старонак сыходзіў на нас.
Паспрабуй зразумець
І адрозьні, дзіця,
Пераможную медзь -
Ад паразы выцьця.
Тайну слова “загад”,
Памяць межаў крывых,
Сэнс атакі й накат
Калясьніц баявых.
А ў ваенных катлах старажытных часоў
Столькі праўды карыснай і смачнай хлусьні!
Ролю здраднікаў, катаў, забойцаў, хлусоў
Нашы ворагі мелі ў дзіцячай гульні.
Мы злачынца сьлядам
Не давалі астыць,
Найцудоўнейшых дам
Прысягалі любіць, -
Бо сяброў задзіночыў,
Даў сэнс барацьбе,
Хто героем станоўчым
Прызначыў сябе.
Толькі нельга ў дзяцінства зусім уцячы:
Для забаваў - хвіліны, для болю - вякі...
Як памерлыя моцна трымаюць мячы,
Паспрабуй пераняць у халоднай рукі!
Яшчэ цёплы булат
У далоні вазьмі
І даведайся ў лат,
Хто ты ёсьць між людзьмі, -
Баязьлівец слабы
Ці з душой ваяроў,
Пакаштуй барацьбы:
Ці сапраўдная кроў?
А калі рухне побач найлепшы дружбак,
Ты над першаю стратай завый у журбе,
Бо застаўся бяз скуры і дыхаць ніяк
Ад таго, што забілі яго - не цябе!
Смак пазнаецца здрад
І таемных вячэр,
Сьмех ашчэраных крат
І нябыту ашчэр!..
Прагна знакі бяды
Сочаць злосьць і мана,
І за сьпінай заўжды -
Груганы і труна!
Хто бацькоўскім мячом пракладаў праўдзе шлях,
Хто салёныя сьлёзы на вус наматаў,
Паспытаў што па чым у дарослых баях, -
Той патрэбныя кнігі ў дзяцінстве чытаў!
Хто дзічыны на ловах
Ня еў на вяку,
Быў адважным на словах,
Ды вечна ўбаку,
Хто ня здолеў пайсьці
Ў бітву з катам ліхім, -
Той застаўся ў жыцьці
Ні пры чым, ні пры кім!
|