Ну чаму ўсё не так? Нібы ўсё - як заўжды:
Той жа самы блакіт над зямлёю,
Той жа лес, водар ветру і вільгаць вады...
Толькі вось не вярнуўся ён з бою.
Мне не скеміць цяпер, хто ж меў рацыю з нас
Ў нашых спрэчках без сну і спакою.
Мне не стала хапаць яго зараз - як раз,
Калі ў час не вярнуўся ён з бою.
Ён маўчаў неўпапад і не ў такт падпяваў,
Ён заўжды гаварыў пра другое.
Ён мне спаць не даваў, ён на золку ўставаў, -
Але вось не вярнуўся ён з бою.
Не пра тое размова, што пустка - дакор:
Зразумеў я - было нас тут двое...
Для мяне - быццам ветрам згасіла касцёр
Ў час, калі не вярнуўся ён з бою.
Сёння, быццам з палону, рванула вясна,
І па звычцы аклікнуў яго я:
“Друг, пакінь пакурыць!” - а ў адказ - цішыня...
Ў гэты дзень не вярнуўся ён з бою.
Нашы мёртвыя нас не пакінуць ў бядзе,
Нашы паўшыя - як вартавыя...
Адбіваецца ў лесе блакіт, бы ў вадзе, -
Дрэвы ў неба глядзяць, як жывыя.
Нам і месца ў зямлянцы было нараўне,
Час люляў нам адзіныя мроі...
Ўсё цяпер - аднаму, - ды ўяўляецца мне -
Гэта я не прыйшоў сёння з бою.
|