Зноў сню жоўтыя агні,
І хрыплю - у сне я:
“Ну, пачакай, ну, не гані -
Ранак зразумее!”
Ды і ўранку ўсё не так,
І няма вяселля:
Курыш нашча, як басяк,
П’еш няўзнак з пахмелля.
У карчме - зялёны штоф,
Белыя сурвэткі, -
Рай для блазнаў, жабракоў,
Я - як птушка з клеткі.
Ў храме - змрок, нязграбны дзяк.
Ладан копціць неба...
Не, і ў храме ўсё не так,
Ўсё не так, як трэба!
На гару лячу наўскач
І маўчу пра мрою, -
Вольха на гары, хоць плач,
Вішня - пад гарою.
Хоць бы схіл плюшчом спавіць -
Муляе патрэба
Хоць што-небудзь адрадзіць...
Ўсё не так, як трэба!
Я - па полі ўздоўж ракі:
Свет у цьме без Бога!
Ў чыстым полі - васількі,
Доўгая дарога.
Ўздоўж дарогі - лес густы
З бабамі-ягамі,
А ў канцы, там дзе кусты,
Плаха з тапарамі.
Коні - з музыкай у такт
Цягнуцца ў лагодзе.
Ўздоўж дарогі ўсё не так,
Пагатоў - ў гасподзе.
Ні царква і ні кабак
Не святыні ў “царстве”!
Не, спадарства, ўсё не так!
Ўсё не так, спадарства...
|