Хай душа да навальніцы налюбуецца
І надыхаецца ўволю з Боскай ласкі!
Што спяецца сёння мне і што пачуецца?
Птушкі вешчыя пяюць - з чароўнай казкі.
Птушка Сірын падманна ўсміхаецца -
Распускае прываблівы хвост,
А насупраць - самоціцца-жаліцца,
Рве душу дзіўны мой Алканост.
Быццам сем узнёслых струн
Зазвінелі ў цішыні -
Птушка шчасця, Гамаюн,
Надзей не падмані!
У блакіце, дзе званіцы, быццам цень ў вадзе,
З бронзы звон гудзе, з бронзы звон гудзе -
Ці хавайся дзе хутчэй, ці ў храм прыходзь?..
А пад сонцам - купалы ў чысцюткім золаце,
Каб часцей заўважаў іх Гасподзь.
Я стаю ў задуме з памяццю кароткаю
Перад гэтай роднай, казачнай краінай,
Перад горкаю ды соль-кісла-салодкаю,
Сінявокаю, крынічнаю, быліннай.
Тут у багне дзе тлустай, дзе ржавай
Нават конь адчувае ману,
Але цягнецца кволай дзяржавай,
Што раскісла, апухла ад сну.
Сёмы месяц прыгажун
Заярчэў у вышыні.
Птушка лёсу, Гамаюн,
Надзей не падмані!
А душу сваю, што збіта перакатамі,
Запалохана і кратамі, і стратамі,
Ды прарэхі, дзе скрывавіла аброць,
Мо залатаю я залатымі латамі,
Каб заўважыў, нарэшце, Гасподзь!
|