Праўда пяшчотная ў дзіўных адзеннях хадзіла,
Каб падкаціцца да блазнаў, убогіх, калек, -
Хітра Мана тую Праўду к сабе заманіла:
Ну заставайся, маўляў, у мяне на начлег.
І легкаверная Праўда спакойна заснула,
Слінкі пусціла і разусміхалася ў сне, -
Груба Мана на сябе яе коўдру сцягнула,
Згвалціла Праўду - і стала прыемна Мане.
Скурчыла брыдкую морду бульдожжу з пагардай:
Баба як баба, і што перад ёй шыю гнуць?!
Розніцы, праўда, няма між Маною і Праўдай, -
Праўда, калі іх зусім дагала распрануць.
Выплела ў Праўды з касы залацістыя ленты
І прыхапіла адзенне, што побач знайшла,
Грошы забрала, гадзіннік і ўсе дакументы,
Сплюнула з лаянкай бруднай - і ў прочкі пайшла.
Раніцай толькі заўважыла Праўда прапажу -
Трошачку здзіўлена ў люстра зірнула сяк-так:
Нехта ўжо, недзе здабыўшы чарнюткую сажу,
Выпацкаў чыстую Праўду, а так і няўзнак.
Смешыла Праўду, калі камяні ўслед шпурлялі:
«Гэта ж Мана, і адзенне маё на Мане...»
А пратакол два скалечаных блазны складалі
І брыдкаслоўем дурным зневажалі яе.
Лаялі падлай яе, нават горай чым падлай,
Мазалі глінай, сабакамі сталі цкаваць...
«На кіламетр на сто першы так званую Праўду
Ў дваццаць чатыры гадзіны навекі саслаць!»
І пратакол той аздобілі крыўднай тырадай
(Справы чужыя на Праўду спісаўшы датла):
Нейкая поскудзь, маўляў, называецца Праўдай,
Ну а сама прапіла ўсё з сябе дагала.
Чыстая Праўда набожна клялася й рыдала,
Доўга хварэла, цярпела нястачу ў грашах, -
Злая Мана, чыстакроўнага коніка ўкрала -
Ды... ускакала на доўгіх і тонкіх нагах.
Зрэшты - ужыцца нам лёгка з Маною свядомай.
Вочы калола тут Праўда - няўтульна нам з ёй!
Сцежкамі зараз блукае нябогай бяздомнай,
Каб не палохаць людзей галізною сваёй.
Нейкі дзівак і да сёння без Праўды не можа, -
Праўда, на ломаны грош праўды ў словах няма:
«Чыстая Праўда ў свой час і Ману пераможа!..»
Праўда, калі зробіць так, як зрабіла Мана!
Возьмеш калі па сто семдзесят грамаў на плечы,
Часта няўцям, у якіх заначуеш дамах.
Могуць раздзець, - гэта чыстая праўда, дарэчы, -
Вось - і штаны твае носіць ліхая Мана.
Вось - і гадзіннік твой круціць ліхая Мана.
Вось - і канём тваім правіць ліхая Мана!
|