Багну сёння мясілі зацята,
З неба муць, быццам Бог без штаноў, -
К чорту дождж - у стралкоў будзе свята:
Ім жа сёння страляць кабаноў.
Білі ў вёдры і гналі ў балота,
Выціралі ўзмакрэлыя лбы,
Пагарджалі лясоў пазалотай
І гарэлі азартам пальбы.
Мужыкоў за крыважэрнасць вы не лайце,
Вы насіце паляўнічых на руках, -
Мы дзічыну любім вельмі ў карбанадзе,
Паважаем кабаноў у кумпяках.
Кабаноў не трывожыла дума:
Як папаліся ў гэты загон?
Кабаны - уцякалі ад шуму,
Каб патрапіць да цішы ў палон.
Выляталі са стрэльбаў жаканы -
Без разбору наўскід, наўздагад, -
Быццам радасна б’е ў барабаны
Баявы піянерскі атрад.
Мужыкоў за крыважэрнасць вы не лайце,
Вы насіце паляўнічых на руках, -
Мы дзічыну любім вельмі ў карбанадзе,
Паважаем кабаноў у кумпяках.
Шум, касцёр і тушонка з бляшанак,
“Паляўнічая” пляшка - на стол.
Толькі поўз ацішэлы падранак
Заварожана - проста на ствол.
Спірт з каністры расслабіў гулянку,
Спаў азарт, быццам выйграны бой:
Стрэл паўчэрапа спляжыў падранку -
І рагі пратрубілі адбой.
Мужыкоў за крыважэрнасць вы не лайце,
Вы насіце паляўнічых на руках, -
Мы дзічыну любім вельмі ў карбанадзе,
Паважаем кабаноў у кумпяках.
Ля кастрышча па ўласнай ахвоце,
Дзе даходзіў кабан на ражне,
Мне сказалі: “Усё як на фронце -
Мы сумуем, відаць, па вайне.
Гэта, быццам мы зноў у пехоце,
Гэта, быццам мы зноў - у штыкі,
Гэтак чуюць, што зноў у рабоце
Ацалелыя франтавікі...”
Мужыкоў за крыважэрнасць вы не лайце,
Вы насіце паляўнічых на руках, -
Мы дзічыну любім вельмі ў карбанадзе,
Паважаем кабаноў у кумпяках.
|